5 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі “За першымі саветамі”

2019-11-08

5 лістапада 2019 г. чарговы цыкл сустрэчаў Клуба вуснага гісторыка пачаўся з надзвычай важнай падзеі – прэзентацыі кнігі «За першымі саветамі»: Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гг. у вусных успамінах жыхароў Беларусі».


«Першымі саветамі» жыхары старэйшага веку называюць савецкую ўладу, што ўсталявалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі восенню 1939 г. і летам 1941 г. змянілася нямецкай акупацыяй. (З 1944 г., адпаведна, былі ўжо «другія саветы».)

Сама кніга з'яўлаецца зборнікам, дзе ў друкаваным выглядзе прадстаўленыя ўспаміны 107 жыхароў Усходняй і Заходняй Беларусі 1920-1930 гг. нараджэння, захаваныя асаблівасці мовы і маўлення, пададзеная інфармацыя пра іх нацыянальную і канфесійную прыналежнасць, род заняткаў. Пераважная большасць інтэрвʼю размешчаная на сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі (nashapamiac.org), таму кожны ўспамін суправаджаецца адмысловым шыфрам – гэта спрашчае пошук у архіве.

Усе ўспаміны сабраныя ў пяць адмысловых раздзелаў, а ў межах раздзелаў змешчаныя ў тэматычнай паслядоўнасці або паводле геаграфіі. Асобна пададзеныя звязаныя з інтэрвʼю фотаздымкі і спіс рэспандэнтаў.


На прэзентацыі кнігу прадстаўляў яе рэдактар, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, які зазначыў, што зборнік з успамінамі сведкаў часу – гэта альтэрнатыўны погляд на гісторыю, які існуе ў памяці людзей. «І вельмі важна, што вусны гісторык – гэта не той, хто шукае нейкія гістарычныя факты. Цяжка знайсці нейкія дакладныя гістарычныя факты, максімум можна нешта ўдакладніць. Людзі распавядаюць пра падзеі, якія былі 80 гадоў таму, калі яны былі дзецьмі ці вельмі маладымі людзьмі. Тут субʼектывізм навідавоку. І падаецца, як гісторык гэта можа сурʼёзна ўспрымаць? Але для мяне гэта вельмі сурʼёзна. Таму што можна забыць важныя факты, можна памыляцца ў датах. Але важна як людзі гэта ацэньваюць. Ацэнка людзей, якая застаецца ў памяці, як іх бацькі ставіліся да гэтай падзеі, – вось гэта важна. Вусная гісторыя дае зразумець пэўныя сэнсы».

Дыскусію мадэраваў журналіст, рэдактар «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук.

Галасы сведак загучалі на прэзентацыі дзякуючы акторам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы Дзіяны Камінскай і Дзмітрыя Тумаса.

Калі ласка, для больш падрабязнай інфармацыі - глядзіце відэазапіс сустрэчы.

 

Каментары да навіны: