Беларускія остарбайтары: вяртанне ў жыццё

2018-05-22

На сустрэчы ў Клубе вуснага гісторыка 29 мая мы раскажам пра тых, хто больш за 70 год быў вымушаны хаваць праўду пра сваё жыццё  – беларускіх остарбайтараў.

Остарбайтарамі была вялікая колькасць людзей, якія былі вывезеныя з Беларусі ў Германію на прымусовыя працы. Яны не былі злачынцамі, не выступалі супраць савецкай улады. Аднак, сталі ізгоямі ў паваенным Савецкім Саюзе. У большасці выпадкаў афіцыйная прапаганда расцэньвала іх не як ахвяр вайны, а як памагатых гітлераўскай Германіі.

Гэтыя людзі маўчалі больш за 70 гадоў і толькі цяпер яны расказалі пра сваё няпростае жыццё. Падчас сустрэчы мы прэзентуем дакументальны фільм «Беларускія остарбайтары: вяртанне ў жыццё», які быў створаны на падставе матэрыялаў экспедыцый Беларускага архіва вуснай гісторыі. Гэта ўнікальныя гісторыі рэальных людзей, якія дазваляюць кожнаму гледачу скласці сваё меркаванне пра прымусовую працу ў гады Другой сусветнай вайны і лёсы былых нявольнікаў. Фільм ужо быў паказаны ў Германіі і Гродна, у Менску ён будзе дэманстравацца ўпершыню.

Пасля паказу фільма адбудзецца дыскусія з удзелам каардынатара праекту «Беларускія остарбайтары» гісторыкам Андрэем Мастыкам. Ён раскажа пра гэты праект і прачытае невялікую лекцыю пра остарбайтараў.

Сустрэча адбудзецца 29-га мая ў 18.30 па адрасе: вул. Сухая, 25 (Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна). Уваход вольны.

 

Каментары да навіны: