Дыстанцыйны курс: «Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.»

2017-12-08

На дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта з’явіўся яшчэ адзін новы курс –  «Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.». Гэты курс створаны ў супрацы з Беларускім архівам вуснай гісторыі і спалучае ў сабе разгляд самаго паняцця вуснай гісторыі з канкрэтнымі вынікамі вуснагістарычных даследванняў. 

Чалавечы ўспамін вельмі далёкі ад таго, каб пераказваць факты у чыстым выглядзе. Наратыў, прапанаваны рэспандэнтам, – заўсёды індывідуальная або калектыўная інтэрпрэтацыя факта. Таму ва ўспаміне хаваецца не дакладнае апісанне падзеі, а яе ацэнка. Але і яна вартая быць даследаванай.

У чым яе значнасць? Па-першае, успаміны, ці вусная гісторыя, удакладняюць афіцыйна прынятую версію мінулага. Гэта актуальна для Беларусі, бо сёння яе гістарычная палітыка будуецца на трохі мадэрнізаваных савецкіх ідэалагемах. Фактычна там няма месца погляду простага чалавека. Па-другое, цягам апошняга стагоддзя вусная гісторыя перастала быць толькі метадам гістарычнага даследавання. Яна ператварылася ў важны накірунак сацыяльна-гуманітарных даследаванняў, галоўны прадмет якіх – жыццёвы вопыт чалавека і яго памяць.

У першай частцы курса «Прамоўленая гісторыя Беларусі XX ст.» выкладчыкі разгледзяць само паняцце вуснай гісторыі, этапы яе развіцця, яе актуальнасць для беларускай гістарычнай навукі, гуманістыкі і для сучаснага беларускага грамадства наогул.

Другая лекцыя распавядзе пра айчынны шлях развіцця вуснай гісторыі, яе сучасны стан і перспектывы.

Частка тры прадставіць метады даследавання вуснай гісторыі і асобныя вынікі.

Далей аўтары разгледзяць тэмы Другой сусветнай вайны, пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі і Чарнобыльскай катастрофы ва ўспамінах сведак.

Апошнія дзве лекцыя дапоўнены відэаўспамінамі з калекцый Беларускага архіва вуснай гісторыі.

 

Анонс курса:

 

Аўтары курса:

Алесь Смалянчук – доктар гістарычных навук, прафесар Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі навук.

Вольга Іванова  – гісторык, архівазнаўца, кандыдат гістарычных навук.

Андрэй Мастыка  – магістр гісторыі, каардынатар праекта Беларускі архіў вуснай гісторыі (МГА «Гісторыка»).

 

Каментары да навіны: