Канферэнцыя “Чарнобыльская аварыя і грамадства”: падсумаванне

2016-04-18

15-16 красавіка ў Мінску прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якую арганізоўваў праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі” МГА Гісторыка сумесна з Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі Навук і Лятучым Ўніверсітэтам пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Мiнску

Адной з асноўных навуковых задач канферэнцыі было пераасэнсаванне і ўдакладненне ведаў па праблеме чалавека і грамадства ў “постчарнобыльскім свеце” і вызначэнне новых накірункаў даследаванняў. Навуковы форум меў шырокае міжнароднае прадстаўніцтва, у ім бралі ўдзел даследчыкі з Японіі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны, Фінляндыі і ЗША.

Таксама канферэнцыя насіла міждысцыплінарны характар, сярод прадстаўленых накірункаў можна вылучыць: вусную гісторыю, уласна гісторыю, этнаграфію, сацыяльна-палітычныя дысцыпліны, культуралагічныя штудыі і экалагічныя даследаванні.

Першы дзень канферэнцыі быў прасвечаны вывучэнню памяць аб Чарнобылі па сродкам вуснай гісторыі, асаблівасцям гэтай памяці як у Беларусі, так і ў іншых сумежных краінах. Важнае месца ў абмеркаванні займала метадалогія правядзення даследаванняў падзей 1986 г. і іх наступстваў. Асноўнай праблемай такіх даследаванняў з’яўляецца траўматычных характар успамінаў аб аварыі, пытанне аналізу гістарычнай памяці, спецыфікі калектыўнай памяці і гістарычнай палітыкі дзяржавы ў дачыненні да Чарнобыльскай тэматыкі.

  

Асобнай секцыяй разглядалася тэмы медыцынскіх наступстваў катастрофы, праблемы і перашкоды ў вывучэнні  ўздзеяння аварыі на ЧАЭС на экалогію і здароўе чалавека, ролі медыя і іншых сацыяльна-палітычных актараў у стварэнні пэўнага ўяўлення аб Чарнобыльскай катастрофе і яе значэнні для грамадства ў масавай свядомасці.

У вячэрняй праграме канферэнцыя, па заканчэнню працы ўсіх секцый, адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу для студэнтаў “Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі”. Канкурсанты атрымалі заслужаныя ўзнагароды і дыпломы, а таксам пажаданні і парады на далейшую творчую і даследчую дзейнасць ад прысутных навукоўцаў і прадстаўнікоў Беларускага архіва вуснай гісторыі.

У наступны дзень канферэнцыі гісторыкі прадставілі магчымыя падыходы да вывучэння аварыі на падставе існуючых архіўных крыніцах, а таксама агучылі  праблемы, якія ўзнікаюць пры вывучэнні такіх матэрыялаў, іх спецыфіку, і крытыку “чарнобыльскіх” дакументаў, што складаліся савецкім кіраўніцтвам па выніках катастрофы. У якасці надзвычай актуальнай, была агучана патрэба вывучэння аварыі ў Чарнобылі, сыходзячы з міжнародных і міждысцыплінарных пазіцый.

Асобная секцыя была прысвечана пытанням захавання культурнай спадчыны рэгіёнаў, забруджаных у выніку катастрофы. Украінскімі даследчыкамі былі прадстаўленыя тыя трансфармацыі, якія зведала культура і традыцыйныя звычаі Чарнобыльскага Палесся пасля аварыі, а таксама выклікі і праблемы ў зберажэнні і падтрыманні сваёй тоеснасці, якія паўсталі перад палешукамі-перасяленцамі на новым месцы жыхарства.

У падсумоўванні працы канферэнцыі, была падкрэслена  вартасць далейшага вывучэння аварыі на ЧАЭС ужо на падставе досведу даследаванняў розных краін і розных навуковых перспектыў, што можа дазволіць пабачыць з іншага гледзішча і па новаму пераасэнсаваць тыя змены, што адбыліся з памяццю і ўспрыняццем аварыі ў грамадстве цягам апошніх 30 год. Таксама ёсць спадзяванне, што ўвага міжнароднай групы навукоўцаў да праблемы аварыі актуалізуе пытанне і ў вачах шырокай грамадскасці.

БАВГ дзякуе за ўдзел у якасці ганаровага госця канферэнцыі дачцэ пісьменніка Алеся Адамовіча - Наталлі Адамовіч, якая актыўна падтрымала ідэю правядзення нашай канферэнцыі. 

А таксама выказваем вялікую ўдзячнасць Марце Шматавай, дзякуючы якой падчас канферэнцыі адбылася выстава прац яе бацькі, мастака Віктара Шматава, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі. 

Каментары да навіны: