Канферэнцыя “Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі” (26-27 верасня 2014 г.)

2014-01-25

У сувязі з вялікай колькасцю навуковых мерапрыемстваў у верасні 2014 г. і жаданнем пазбегнуць перакрыжавання з гэтымі імпрэзамі, Міжнародная навуковая канферэнцыя Беларускага архіва вуснай гісторыі  Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі”  пераносіцца на 26-27 верасня 2014 г.

Як вядома, юбілеі важных гістарычных падзей часта становяцца каталізатарам правядзення новых даследаванняў і пераасэнсавання ведаў пра мінулае. Спадзяемся, што не стане выключэннем і 75-годдзе вайсковай аперацыі Чырвонай арміі супраць Польшчы ў верасні 1939 г. Тагачасныя ваенна-палітычныя падзеі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне савецкая гістарыяграфія ацэньвала як “уз’яднанне братніх народаў”, а шматлікія еўрапейскія даследчыкі характарызавалі як “акупацыю” або чарговы “падзел Польшчы”.

Праблема ацэнкі падзеяў восені 1939 г. і іх наступстваў застаецца ў цэнтры навуковых і грамадскіх дыскусій. Якое значэнне гэтыя падзеі мелі для Беларусі і яе суседзяў? Як стасуецца бясспрэчная нацыянальная значнасць “уз’яднання” для гісторыі Беларускай дзяржавы з ацэнкай гэтых падзей з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцяў?

Адказы на гэтыя пытанні  ад даследчыкаў новага прачытання традыцыйных гістарычных крыніц і выкарыстання новых. Даволі цікавыя вынікі дае спроба выйсці па-за межы архіваў і бібліятэк і звярнуцца да вусных успамінаў сведкаў тагачасных падзей. Менавіта таму ў цэнтры ўвагі нашай канферэнцыі знаходзіцца не толькі канкрэтна-гістарычны аспект у рамках гістарычнай традыцыі, але таксама праблематыка вуснай гісторыі. Апошняя дазваляе ўбачыць той вобраз сацыяльных і палітычных пераменаў восені 1939 – вясны 1941 г., які захавала памяць сведкаў. Аналіз гэтага вобразу памяці патрабуе пэўнага паглыблення ў тэарэтычны аспект праблематыкі вуснай гісторыі і наратыву.

Суаднясенне розных накірункаў гістарычных даследаванняў у рамках вывучэння палітычных і сацыяльных трансфармацый 1939 г. у Заходняй Беларусі паспрыяе іх навуковаму пераасэнсаванню і дазволіць вывесці дыскусіі пра “ўз’яднанне беларускага народу” на больш высокі ўзровень. Апроч таго, канкрэтна-гістарычная праблематыка дапаможа яшчэ раз ацаніць эўрыстычныя магчымасці вуснай гісторыі.

Кола праблем, прапанаваных для абмеркавання ў рамках тэарэтычнага аспекту:
Вусная гісторыя як метад гістарычных даследаванняў;
• Вусная гісторыя як прастора інтэрдысцыплінарнасці;
• Наратыўны характар біяграфічнага аповеду;
• Метад інтэрв’ю ў сацыяльных даследаваннях.

Асноўныя праблемы ў рамках гістарычнага аспекту:
Ад “першых” да “другіх Саветаў”: ацэнка савецкай улады ў гістарыяграфіі і вуснай гісторыі;
• Вайсковая аперацыя Чырвонай арміі і стаўленне да яе жыхароў Заходняй Беларусі;
• “Рыжская мяжа” (1920-1939 гг.) і памежжа як сацыяльная прастора (працэс дэмаркацыі, функцыянаванне мяжы, штодзённасць памежжа і г.д.);
• Чалавек і ўлада: праблема палітычнага фактара ў жыцці і функцыянаванні памежжа.

Канферэнцыя адбудзецца 26-27 верасня 2014 г. у Мінску.

Заяўкі на ўдзел трэба дасылаць не пазней за 1 траўня 2014 г. на адрас: kanferencyja@nashapamiac.org. У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. знакаў), кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак.

Плануецца публікацыя матэрыялаў канферэнцыі.

Арганізатары канферэнцыі:

Беларускі архіў вуснай гісторыі (МГА "Гісторыка), Інстытут славістыкі ПАН.

Аргкамітэт канферэнцыі:

Д.г.н. Алесь Смалянчук
К.г.н. Анатоль Вялікі
К.г.н. Вольга Іванова
Мгр Ірына Кашталян
Мгр Ганна Кавалёва (каардынатар)

Каментары да навіны: