1939 г. у вусных успамінах жыхароў Беларусі
- Уступ
- Дыск "1939 год у вусных успамінах"
- Штодзённасць памежжа
- За “першымі саветамі”
- “Другія саветы”
- Заходнікі і ўсходнікі
- Фотаздымкі
Артыкулы
Выданні
Дакументы
Падзеі верасня 1939 г. і іх наступствы, галоўным з якіх было аб’яднанне беларускіх земляў у межах СССР/БССР, да гэтага не страцілі сваёй актуальнасці для беларускай гісторыі. Больш таго, у апошнія гады назіраецца відавочны рост цікавасці да гэтага перыяду айчыннай гісторыі. Беларуская грамадскасць імкнецца да пераасэнвання падзеяў, якія ў савецкія часы трактаваліся выключна як вялікае свята ўсяго беларускага народу. Даследчыкі зноў спрабуюць адказаць на пытанні: Якое значэнне мелі падзеі верасня 1939 г. для беларускай гісторыі? Што гэта было? Вызваленне Беларусі ад “польскага і панскага прыгнёту”, уз’яднанне беларускай зямлі ці агрэсія СССР супраць Польшчы і савецкая акупацыя Заходняй Беларусі?
Аб’яднанне беларускай зямлі, якое адбылося на самым пачатку Другой сусветнай вайны, безумоўна, было пазітыўнай і вельмі важнай падзеяй у гістарычным лёсе беларусаў у ХХ ст. Але яго нельга разглядаць асобна ад падзеяў вайны і палітыкі савецкіх уладаў у Беларусі. Апроч таго, гэтае мінулае нельга разглядаць як выключна беларускую праблему. Усё ж такі нашая гісторыя – гэта толькі частка сусветнай гісторыі. Без шырокага еўрапейскага ці сусветнага кантэксту немагчыма зразумець тое, што адбылося ўвосень 1939 г. А гэты кантэкст непазбежна нараджае несвяточныя разважанні, якімі хочацца падзяліцца.
У постсавецкай Беларусі ўсё яшчэ святкуюць 17 верасня, не адчуваючы жахлівага парадоксу: беларусы святкуюць пачатак Другой сусветнай вайны… Трэба прызнаць відавочныя поспехі савецкай прапаганды, якая здолела шмат каго пераканаць у тым, што вайна пачалася не ў верасні 39-га, а ў чэрвені 1941 г., што адзіным агрэсарам была нацысцкая Германія, што Чырвоная армія толькі вызваляла беларусаў і ўкраінцаў… Хоць памяць жыхароў Заходняй Беларусі аказалася мацнейшай за прапаганду. На пытанне, калі пачалася вайна, жыхары Заходняй Беларусі, людзі сталага веку заўсёды адказваюць: “У верасні 39-га…”
Каб знайсці адказы на пастаўленыя пытанні ў 2012 г. у межах праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” распачалася распрацоўка тэмы “1939 г. у вусных успамінах жыхароў Беларусі”. У 2012 і 2013 былі праведзены две экспедыцыі ўздоўж мяжы на Палессі (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобл., Столінскі і Лунінецкі раёны Брэсцкай вобл.) і Міншчыне (Стаўбцоўскі, Дзяржынскі, Нясвіжскі, Копыльскі, Уздзенскі, Мінскі р-ны).
Быў распрацаваныя адмысловы апытальнік, скіраваны на вывучэнне памяці сведкаў тых падзеяў. Асноўным быў аўтабіяграфічны метад запісу ўспамінаў з намаганнямі інтэрв’юэра акцэнтаваць увагу на падзеях восені 1939 г. і іх наступствах. Адначасна вялікая ўвага надавалася памяці пра штодзённае жыццё (на захад ад колішняй мяжы), а таксама ўспамінам пра калгасны лад і рэпрэсіі (на ўсходзе). Асобны цікавы блок успамінаў датычыў рэжыма памежнай зоны і асаблівасцяў жыцця на памежжы як з колішняга польскага, так і савецкага боку. Звычайна, рэспандэнты з вёсак, што знаходзіліся некалі на тэрыторыі Польшчы, шмат распавядалі пра перамены, якія адбыліся пасля прыходу Чырвонай арміі і г.зв. “уз’яднання” Беларусі.
Сабраныя ўспаміны разам з гістарычнымі дакументамі і візуальным матэрыялам прапануюць часам нечаканыя адказы на пастаўленыя пытанні і ставяць перад даследчыкамі новыя праблемы...
Алесь Смалянчук