Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу
- 1. Вядомыя гараджане і Мінск
-
2. Старыя прадмесці горада
- Грушаўка
- Добрыя Мыслі
- Козырава
- Ляхаўка
- Пляшчанка
- Раманаўская Слабада
- Серабранка
- Старажоўка
- Татарская Слабада
- Тучынка
- Уборкі
-
3. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінску
- Веснінка
- Карзюкі
- Лошыца 1-я
- Лошыца 2-я
- Міхалова
- Мядзвежына
- Пятроўшчына
- Сакалянка
- Сухарава
- Цна
У ХХ стагоддзі Мінск непазнавальна змяніўся: ён перажыў хваляванні І Сусветнай вайны, разбурэнні Савецка-польскай вайны 1919 – 1920 гг., татальнае знішчэнне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, карэнную рэканструкцыю 1940 – 1970-х гадоў. Горад за гэты час прайшоў шлях ад губернскага цэнтра да сталіцы незалежнай Беларусі.
Аблічча многіх старых прадмесцяў кардынальна памянялася, іншыя – цалкам зніклі. Колькасць насельніцтва за гэтае стагоддзе вырасла ў 20 разоў! У горад прыехалі сотні тысяч людзей, якія сталі ягонымі паўнавартаснымі жыхарамі, але зусім не ведалі мясцовай гісторыі і тапанімікі. Гэта спрычынілася да знікнення многіх непаўторных найменняў старых гарадскіх прадмесцяў. Сёння амаль не ўжываюцца такія назвы прадмесцяў, як Архірэйская Слабада, Залатая Горка, Козырава, Ляхаўка, Раманаўская Слабада, Старажоўка, Татарская Слабада. І абсалютна забытымі сталі Басіялаўка, Добрыя Мыслі, Кашары, Людамонт, Пляшчанка, Пярэспа, Сенажаны, Старосцінская Слабада, Тры Карчмы, Тучынка, Уборкі. Больш пашанцавала Грушаўцы, Камароўцы, Серабранцы і Траецкай Гары, якія па розных прычынах атрымалі другое жыццё. Мінск згубіў не толькі цікавыя найменні, але і велізарны пласт мясцовай культуры. Чым былі адметныя тыя прадмесці? Якія людзі там жылі, чым займаліся? Якім было жыццё жыхароў тых прадмесцяў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення?
У ХХ стагоддзі Мінск няўхільна пашыраў свае межы, праглынаючы навакольныя вёскі і пасёлкі, хутары і фальваркі. У 1950-90-ыя гады ў склад горада ўвайшлі дзясяткі навакольных вёсак. Некаторыя з іх былі знесены, іншыя – чакаюць гэтага ў бліжэйшыя гады. І толькі некаторым наканавана застацца ў прасторы горада ХХІ стагоддзя. Так, няма больш на карце вёсак Акулёнія, Альшэва, Бараноўшчына, Барсукі, Будзілавічы, Вялікая Слепня, Глінішча, Грэбелькі, Дразды, Зацішша, Крупцы, Малое Мядзвежына, Малая Сляпянка, Маляўшчына, Падбалоцце, Падгрушава, Пагулянка, Труд, Рылоўшчына, Цівалі, Чыжоўка, Юрэвічы, Яхімавічы. Часткова былі знесены і канчаткова знікнуць бліжэйшым часам Веснінка, Дворышча, Дражня, Карзюкі, Лошыца 1-я, Лошыца 2-я, Малое Сціклева, Маляўкі, Міхалова, Пятроўшчына, Ржавец, Сакалянка, Сталовая, Сухарава, Чырвоная Слабада, Шчотаўка. На месцы знесеных вёсак выраслі новыя мікрараёны, прамысловыя прадпрыемствы, у якіх няма нічога, што б нагадвала пра былыя вёскі. Часцяком не захавалася нават назвы былой вёскі. Жыхароў гэтых паселішчаў рассялілі па новых мікрараёнах, і іх дзеці ўжо нічога не ведаюць пра жыццё іх дзядоў і бацькоў у колішніх вёсках. Як жылі тыя людзі ў вёсках? Якімі былі панскія сядзібы і каму яны належалі? Якія гаспадаркі былі ўтвораны там у 1920-1930-ыя гады? Што памятаюць былыя вяскоўцы пра рэпрэсіі 1930-х гадоў і падзеі Вялікай Айчыннай вайны? Што змянілася ў жыцці людзей пасля далучэння іх вёсак да горада?
Асаблівае месца займаюць успаміны вядомых гараджан – мастакоў, пісьменнікаў, палітыкаў, настаўнікаў, журналістаў. Людзей, якія не проста жылі ў тагачасным Мінску, але і ўплывалі на ягоную сацыяльную і культурную прастору. Якія ўспаміны засталіся ў іх пра той горад? Дзе яны (і іншыя знакамітасці) жылі, вучыліся, працавалі? Як яны ўспрымаюць тыя змены, што адбыліся ў Мінску за апошнія дзесяцігоддзі?
Сёння імкліва павялічваецца цікаўнасць жыхароў Мінска да ягонай гісторыі, што можна заўважыць па шматлікіх публікацыях розных СМІ, колькасці новых кніг, прысвечаных гісторыі горада. Цікава, што займацца рэканструцкцыяй дарэвалюцыйнай гісторыі Мінска значна прасцей, чым горадам 1940 – 1970-х. Гэта можна растлумачыць добрай захаванасцю архіўных дакументаў і гарадской перыёдыкі 1900 – 1920 гадоў. Наадварот, у 1930 – 1970-ыя гады ў Мінску фактычна не было гарадской газеты, большая частка архіваў была знішчана вайной, краязнаўчы рух не існаваў, а жанр мемуараў сустракаўся вельмі рэдка. Такім чынам, запіс сведкаў таго часу можа стаць важнейшым унёскам у справу даследавання гісторыі горада 1940 – 1970-х гадоў.
Каб знайсці адказы на пастаўленыя пытанні ў 2013 годзе ў межах праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” распачалася распрацоўка тэмы “Гісторыя Мінска і яго ваколіц ў памяці сведак часу (1940-70-ыя гады)”.
Асноўнымі задачамі распрацоўкі дадзенай тэмы сталі наступныя:
- на падставе матэрыялаў вусных успамінаў жыхароў Мінску выявіць іх уяўленні пра жыццё ў горадзе ў 1940-1970-ыя гг.;
- рэканструяваць з дапамогай вусных успамінаў жыццё прыгарадных вёсак у 1940-1970-ыя гг., а таксама змены, якія адбыліся з іх жыхарамі пасля ўваходжання ў склад горада;
- высветліць стаўленне людзей да жыцця у гарадскіх прадмесцях ў 1940-1970-ыя гг.;
- паглядзець на Мінск 1940 – 1970-х гадоў вачыма праз прызму погляду вядомых дзеячаў культуры: паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, палітыкаў, настаўнікаў, журналістаў.
Былі распрацаваныя спецыяльныя апытальнікі , скіраваныя на вывучэнне памяці сведкаў тых падзей. Асноўнай выкарыстоўваемай формай размовы са сведкамі часу стала біяграфічнае інтэрв’ю з дадатковымі тэматычнымі пытаннямі па гарадскім жыцці 1940-1970-х гг. Адначасова вялікая ўвага надавалася памяці пра штодзённасць, а таксама ўспамінам пра Вялікую Айчынную вайну і пасляваеннае аднаўленне.
На цяперашні момант па гісторыі розных раёнаў Мінску сабрана пяць спецыялізаваных інтэрв’ю. Разам з іншымі дакументамі і матэрыяламі Беларускага архіва вуснай гісторыі яны рознабакова прадстаўляюць дадзеную тэму. Гэта толькі пачатак велізарнай і сістэмнай працы па фіксацыі вусных успамінаў пра мінулае Мінска, якія, несумненна, будуць найкаштоўнейшым матэрыялам для сучасных і будучых гісторыкаў і краязнаўцаў, журналістаў і мовазнаўцаў. І ўсіх тых, каму неабыякава наша гістарычная спадчына. Спадзяемся, што да гэтай важнейшай працы далучацца іншыя людзі, які ў тым ліку дапамогуць шукаць жывых сведкаў гісторыі сталіцы 1940-1970-х гадоў.
Іван Сацукевіч,гісторык і краязнаўца